Наверх
Войти на сайт
Регистрация на сайте
Зарегистрироваться
На сайте недоступна
регистрация через Google
Мобильные приложения
AppStore GooglePlay

антон, 38 - 10 ноября 2007 15:56

Все
Вулічныя пісьмёны.

Прывітанне, я – Здань!
Не пужайцеся, я – добрая здань. Скажу нават больш таго: сціплая. Ніколі ні с кім першай не загавару. А тут не стрымалася. Сумна мне адной увесь час боўтацца па змрочных вуліцах горада. Глядзіш, дзе няма ліхтароў, туды і сунешся. Ды асцярожна, каб цябе ніхто не бачыў. Бо не павераць жа, калі ты скажаш, што ты – добрая здань. Не паглядзяць, закідаюць каменнем. Могуць нават стрэліць. Мне, канешне, усё роўна, бо я – здань: ляцяць кулі праз мяне, і ніякіх табе царапін. Ды сэрцу балюча. Ты да іх з добрым намерам, а яны табе – каменнем у твар. Крыўдна. Хочацца займаць хоць якое малюпасенькае месца ў гэтым вялізным сусвеце. Ды яны катэгарычна супраць. А што зробіш, у наш час так: калі ты здань, то, значыцца, не места табе сярод людзей…


Прывітанне, я – Кветка!
Не глядзіце, што я непрыгожая – гэта ад часу. Раней я была найвялікшай у свеце прыгажуняй, бы сонейка свяціла наўкола сваім хараством. Ніхто не мог раўнадушна прайсці побач, усе спыняліся і ўсклікалі: “Што за цуд!” Усе мной захапляліся, ды аднойчы прыйшла восень… Не, я не трымаю крыўды на гэту каляровую жанчыну. Зусім не. Яна павінна была прыйсці, яшчэ ў календары пра гэта напісана. Мне было сумна зусім з іншай нагоды. Пра мяне забылі людзі… Але чаму? Я пажоўкла, завянула, нахінулася да зямлі. Але што з гэтага? Людзі ж таксама старэюць. Куды знікла іх любоў, іх пяшчота? Што зрабілася з іх вачыма? Калі ты кахаеш, то гэта назаўсёды!!! Так жа! Так, ці не?.. Напэўна, не, бо нават дождж не хоча са мной размаўляць. Маўчыць і бесперапынна б’е па маршчыністаму твару. Навошта б’е – не кажа, проста б’е – і ўсё тут…

Прывітанне, я – Зорка!
Тая, што нядаўна звалілася з нябёсаў. Ляцела, пакідаючы свой залацісты шалік у паветры, у надзеі быць хоць кім-небудзь запрыкмечанай. Ды марна. Хлусня ўсё гэта, што за табой павінны прыйсці, цябе павінны знайсці. Хлусня! Нікому ты не патрэбен у гэтам брыдкім наваколлі. Ляжыш вось у лужыне, у гразі і смяешся з свайго шалёнага падарожжа ў пошуках запаветнай мары. Ідыятызм… Нават слоў не магчыма падабраць, каб агучыць усе свае пачуцці. Лепей ужо маўчаць, як звыкліся рабіць гэтыя самыя людзі, што бесперапынна гойсаюць побач, не заўважаючы той, аб кім складалі вершы, за кім гатовыя былі ісці на край свету. Усё жыццё марылі, і вось, гледзячы сваёй мары ў вочы, - не бачаць яе… Сляпцы… А я – дурніца, бо паверыла ім, спакусілася…

Прывітанне, я – Шафа!
Не здзіўляйцеся, я і сама ведаю, што маё месца не тут. Мне патрэбна было б зараз стаяць у цёплым пакоі і сцерагчы гаспадараву адзежу, а не дрыжэць ад пранізлівага ветру пасярод бязлюднай вуліцы. Ды так вырашылі людзі. Замест таго, каб адзначыць мой юбілей, яны выправадзілі мяне прэч. Ды яшчэ як! Праз вокны з трэцяга паверху. Быццам я птушка якая!.. І вось стаю з пабітымі бакамі ў свой дзень Нараджэння і губляюся ў думках: ці то крыўдзіцца, ці то весяліцца. Сто год служыла аддана і пакорліва, выконвала ўсе іх загады, а тут не разумееш: можа звольнілі, а можа проста пенсіённы ўзрост. Людзі такія непрадказальныя, што часам баішся падумаць пра іх што-небудзь дрэннае. Пакрыўдзяцца… і будуць увесь вечар бурчэць, а ранкам, чаго добрага, возьмуць ды выставяць у краму на продаж. Добра, калі прададуць, а калі вось так, нічога не сказаўшы, замест падарунка з трэцяга паверха ўніз галавой… Жудасна ад адной толькі думкі…


Прывітанне, я – Кніга!
Я магу расказаць вам шмат чаго цікавага. Пагартайце мае старонкі, і вы даведаецеся, чаму людзі сталі такімі. Яны і выкінулі мяне, бо не згаджаліся з напісаным у ва мне тэкстам. Яны заўжды адмаўляюць, калі пра іх кажаш што-небудзь дрэннае, асуджаеш іх ці папракаеш. У іх ужытку нават няма слова “хлусня” і слова “праўда”. Усё падзяляецца на “павінны ведаць” і “забараняецца”. Яны забіваюць сябе падобных. Спачатку нараджаюць, затым забіваюць… і ў спакоі п’юць гарбату. Яны не паважаюць адзін аднога, што ўжо казаць пра нас з вамі. Вы тут бядуеце, але вы не адзіныя такія, пакрыўджаныя. Нас шмат, але нам ніколі не даюць слова, бо мы – не людзі. Мы ўсяго толькі – іх рэчы…


Прывітанне, я – чалавек!
Выбачайце… але я не магу інакш…
Добавить комментарий Комментарии: 0
Мы используем файлы cookies для улучшения навигации пользователей и сбора сведений о посещаемости сайта. Работая с этим сайтом, вы даете согласие на использование cookies.